#TraveltoDobrush
Мар'іна — вёска ў Добрушскім раёне за 7 км на поўнач ад Добруша і за 30 км ад Гомеля.
Заснавана рускімі стараверамі, якія былі вымушаны пакінуць Расію, знайшоўшы свой прытулак у Рэчы Паспалітай. Па пісьмовых крыніцах, вёска вядома з пачатку XVIII стагоддзя як слабада ў Рэчыцкім павеце Мінскага ваяводства Вялікага княства Літоўскага ва ўладанні Чартарыйскіх. У 1764 годзе ваенны атрад на чале з генералам Маславым выслаў са слабады ў Сібір усіх старавераў. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у складзе Расійскай імперыі. У 1775 годзе вёска знаходзілася ва ўладанні фельдмаршала графа П.А. Румянцава-Задунайскага. Тут былі драўляная капліца і карчма.
Мар'іна згадваецца ў “Адмоўнай кнізе” Кацярыны Другой фельдмаршалу графу П.А. Румянцаву-Задунайскаму (1776 год): 74 сельскія двары, 213 душ мужчынскага полу і 215 жаночага.
Пазней Мар'іна ўваходзіла ў Добрушскую эканомію Гомельскага замка Румянцавых, а потым Паскевічаў.
З 1834 года вёска – валоданне фельдмаршала графа І.Ф. Паскевіча. У 1897 годзе тут знаходзіліся: капліца, хлебазапасная крама, маслабойня, вінная крама, 3 вятракі, стараверскі малітоўны дом.
У гады грамадзянскай вайны недалёка ад Мар'іна праходзілі баі партызанскіх атрадаў Добрушчыны з "кайзераўцамі".
У 1926 г. дзейнічалі паштовае аддзяленне, пачатковая школа, аддзяленне спажывецкай кааперацыі.
У 1929 годзе арганізаваны калгас "Будаўнік сацыялізму". Працавала гамарня. Жыхары Мар'іна таксама ўваходзілі ў калгас "Праўда".
У час Вялікай Айчыннай вайны у кастрычніку 1943 года акупанты часткова спалілі вёску. У баях за яе загінулі 289 савецкіх салдат. Яна была вызвалена 10 кастрычніка 1943 года. Нямецка-фашысцкія захопнікі расстралялі і спалілі жыўцом 9 мясцовых жыхароў.
У 1956 годзе населены пункт увайшоў у склад саўгаса "Добрушскі" з цэнтрам у пасёлку Рассвет. Тут размяшчаліся 9-гадовая школа, клуб, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, аддзяленне сувязі, магазін.
З пачатку 1980-х гадоў Мар'іна ўваходзіла ў склад саўгаса "Новы шлях" (пазней агракамбінат).
У цэнтры вёскі знаходзіцца брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан.
Дабрацца ў Мар'іна можна аўтобусам Добруш-Мар'іна (курсуе ў аўторак і ў суботу).